Главная Обратная связь

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)


 

 

 

 



Апошняя “зачыстка” рэлігійнага поля



 

Зусім верагодна, што царкаўлянская акцыя пратэсту прыспешыла санкцыю афіцыйнага Пецярбурга на ўсеагульную канверсію уніятаў, бо рэалізацыю “благодетельных видов правительства” яна ставіла пад сур’ёзную пагрозу. Гэта быў апошні радыкальны крок ў супраціве духавенства. Далей ужо ішлі, галоўным чынам, рэпрэсіі. Рэпрэсіі, закліканыя забяспечыць поспех “уніяцкай справы” на апошнім яе этапе: пераслед, арышты, дэпартацыя, высылка, зняволенне, здзекі… Так што падрыхтоўка да ліквідацыі уніяцкай царквы ішла паралельна з зачысткай, скажам так, рэлігійнага поля на Беларусі.

4 студзеня 1839 г. адбылося чарговае пасяджэнне Сакрэтнага камітэта. На ім прысутнічалі шэф жандараў генерал Бенкендорф, міністр дзяржаўных маёмасцяў П.Кісялёў, міністр унутраных спраў Д.Блудаў, обер-пракурор Сінода граф Пратасаў. На пасяджэнне былі запрошаны генерал-губернатары: смаленскі, віцебскі і магілёўскі Дзякаў і віленскі, гродзенскі, беластоцкі і мінскі Далгарукаў. Абмяркоўвалі выпрацаваную Сакрэтным камітэтам інструкцыю. У ёй – “часова дараваныя (на перыяд усеагульнай рэлігійнай канверсіі уніятаў – С.М.) генерал-губернатарам асаблівыя правы, якія перавышаюць іх звычайную ўладу” [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 1–1 адв.].

“Для большага поспеху агульнага ўз’яднання уніятаў, – гаварылася ў той інструкцыі, – ён (урад – С.М. прызнае неабходным даць усемагчымае адзінства распараджэнням галоўных начальнікаў Заходняга краю да ўтаймавання ўсіх магчымых супрацьдзеянняў”. Каб рымска-каталіцкае духавенства і шляхта, з боку якіх найперш чакалася супрацьдзеянне, не смелі “”ні яўна, ні тайна, пропаведзямі або настаўленнямі падрываць цяперашнюю схільнасць уніятаў да ўз’яданння…, каб нідзе, у гарадах і сялібах, не дапускалася ані найменшая непакорнасць начальству, а тым больш парушэнне грамадскага спакою”. Ажыццяўляць паліцэйскі нагляд над сялянамі абавязалі саміх паноў і арандатараў, якіх належала папярэдзіць пра ўсю “адказнасць, якой яны падвяргаюць сябе ў выпадку хваляванняў у іх маёнтках”.

“Незалежна ад гэтых паліцэйскіх мер, – апавяшчаў чацвёрты пункт інструкцыі, – і пры гэтым без далейшага адкладу генерал-губернатарам і, згодна іх настаўленню, начальнікі губерняў … абяруць … зручныя пункты ў гарадах і сялібах для размяшчэння ў іх войскаў пастоем… Для ўвядзення войскаў у паветы, дзе іх няма і дзе прадбачыцца ў тым патрэба, генерал-губернатары адразу ж звернуцца да ваеннага міністра…”

Рымска-каталіцкаму духавенству “пад пагрозай найстражэйшага спагнання ” забаранялася адпраўляць трэбы для уніятаў і ганіць праваслаўную веру. Абмяжоўвалася перасоўванне каталіцкага духавенства ў межах заходніх губерняў. Уніяцкае духавенства, якое не падпарадкоўвалася свайму начальству, падлягала выдаленню. Генерал-губернатары атрымлівалі права высылаць такіх духоўных у праваслаўныя манастыры ў глыб Расіі, а асоб “з меншай ступенню фанатызму” – змяшчаць у манастырах паўднёвых губерняў пад нагляд.

Генерал-губернатарам прадстаўлялася права адхіляць ад пасады прадвадзіцеляў дваранства, гараднічых, земскіх спраўнікаў, западозраных “у саўдзеле іх процідзеянню відам ураду”. Духоўных і свецкіх асоб, якія б асмеліліся “пахіснуць цяперашнюю схільнасць грэка-уніятаў да ўз’яднання”, трэба было высылаць у вялікарасійскія губерні, якія не мяжуюць з заходнімі губернямі. У выпадку ўзброенага мяцежу … аддаваць іх ужо ваеннаму суду”.

Генерал-губернатары надзяляліся правам выдаляць з маёнткаў памешчыкаў і арандатараў, калі яны дапусцяць у іх хваляванні сялян або будуць шкодзіць поспеху справы. Маёнткі ў такім выпадку перадаваліся ў казённае кіраванне. Калі ж “прысутнасць такіх уладальнікаў у Заходнім краі акажацца шкоднай”, іх трэба дэпартаваць у расійскія губерні, якія не мяжуюць з заходнімі.

Пра ўсе свае захады адносна духоўных і свецкіх асоб генерал-губернатары павінны былі інфармаваць міністэрства ўнутраных спраў і Сінод. [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 1 адв.– 7].

Незадоўга да сабора, які павінен быў паставіць апошнюю кропку на гісторыі уніяцкай Беларусі, па загаду Мікалая І ў Полацк прыбыў саветнік обер-пракурора Сінода камергер Скрыпіцын. Ён меў “асобае даручэнне па грэка-уніяцкім справам”, выкладзенае ў сакрэтнай запісцы-інструкцыі ад 6 студзеня, якую атрымаў ад свайго шэфа. “Уважліва назіраць за настроямі грэка-уніяцкага духавенства, – патрабавала інструкцыя. – Звяртаць пастаянную ўвагу на супрацьдзеянні, якія могуць быць ад памешчыкаў і лацінскага духавенства… Калі заўважаны будзе дзесьці пачатак неспакою, схільнасць да хвалявання, неадкладна з эстафетай апавяшчаць пра гэта мясцовага губернатара, даводзячы разам з тым да ведама генерал-губернатара, з дадаткам яму, калі будзе вядома, якія асобы ёсць галоўныя зачыншчыкі і ўзбуджальнікі астатніх… Штотыднёва дакладваць мне пра ўсё заўважанае вамі па ўскладзенаму на вас даручэнню, пра вашы дзеянні, пра асобаў, якія асабліва адзначыліся руплівасцю або заўважаныя ва ўпартасці і нядобранадзейнасці, далейшае прабыванне якіх у тым краі можа быць у цяперашні час шкодным” [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 62–67].

У Чашніках арыштавалі і адправілі ў Полацк Івана Ігнатовіча. Кіраваў арыштам – адпаведна значнасці злачынцы – падпалкоўнік Агатонаў – вядомы змагар з уніятамі. Бунтара ў расе, чыё прабыванне ў Беларусі палічылі “шкодным, як з-за непрыхільнасці яго да праваслаўя, так і з-за ўплыву, якое ён меў на іншае духавенства”, 10 студзеня пад канвоем павезлі ў Смаленск. Далейшы шлях ляжаў у Прадцечанскі манастыр у Вязьму [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 78, 83, 137, 152].

Адама Тамкавіда ўзялі ў Іказні Дзісненскага павета і пераправілі ў Мінск, а адтуль 26 студзеня – у Курск. Праз два тыдні, 9 лютага, яго даставілі на месца высылкі [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 125, 136]. Перамешчаны на сотні кіламетраў ад таго месца, дзе рыхтаваўся апошні акт уніяцкай трагедыі, ён ужо не ўяўляў небяспекі.

У сувязі з прашэннем царкаўлянскіх “змоўшчыкаў”, якое выяўляе дух сваволля і непакорнасці”, у пачатку лютага прыбыў у Полацк, згодна імператарскаму загаду, і Сямашка. Ён заняўся разборкай па “справе 111-ці”. Шукалі складальніка прашэння, людзей, якія сваімі даверанасцямі ўпаўнаважылі дэлегацыю на яго падачу імператару.

Галоўную прычыну “гэтак важнага супраціву духавенства Беларускай епархіі” літоўскі епіскап убачыў “у раздражнёнасці і нават разлютаванасці, выкліканымі ў яго цяжкімі наступствамі ранейшай сістэмы пераварочвання уніятаў”. Такімі настроямі, сцвярджаў ён, намагалася скарыстацца варожая справе польска-каталіцкая партыя. Звальненне епіскапа Смарагда, князя Хаванскага і губернатара Шрэдара, якое лічыцца справай рук гэтай партыі, узмацніла аўтарытэт яе намоў, нібыта пераўтварэнні грэка-уніякай царквы робяцца самім яе духоўным начальствам і супраціўныя намерам гасудара-імператара.

Другой прычынай Сямашка лічыў слабасць духоўнай улады ў Беларускай епархіі. Нядобранадзейныя святары, якіх выклікалі ў Полацк “дзеля намоў або выпраўлення”, заставаліся на прыходах, нават будучы ад іх адлучанымі. І гэта нягледзячы на прадпісанні начальства. Не дзіўна, піша ён ў сваёй справаздачы обер-пракурору Сінода, што знайшлося 111 духоўных асоб, якія падпісалі даверанасць на падачу прашэння імператару супраць уласнага начальства [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 138 б*].

Распраўляючыся з апазіцыянерамі, Сямашка, як ён сам адзначаў, кіраваўся трыма мэтамі: 1) разарваць сувязі паміж членамі “шматлікай партыі духавенства, якое запрацівілася распараджэнням Беларускага епархіяльнага начальства”; 2) аднавіць уладу гэтага начальства; “знішчыць дух сваволля і думкі пра беспакаранасць” з яго боку; 3) “аблегчыць таму ж начальству спосабы ўздзейнічаць на розум астатняга духавенства, яшчэ не набытага праваслаўнай царквой” [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 138 б].

“Мінулы тыдзень, – пісаў Сямашка обер-пракурору Сінода Пратасаву 8 лютага, – прысвяціў я разгляду абставін справы, мне даручанай. На жаль, значная колькасць духавенства, уцягнутага ў супрацьдзеянне … не дазволіла мне абмежавацца некалькімі прыкладамі строгасці. Аказалася неабходным зрабіць нашмат важнейшае ўражанне, каб разарваць шайку, існаваўшую даволі ўжо працяглы час, каб устараніць у аддаленыя месцы людзей, якія ёй кіравалі”, каб пазбавіць іх магчымасці зносіны паміж сабой і з астатнім духавенствам Беларускай епархіі”. Руплівасцю Сямашкі высылцы з Беларускай епархіі падлягала 20 святароў, якія далі Ігнатовічу і Тамкавіду даверанасці на падачу прашэння імператару. “А каб адабраць у пазначаных духоўных надзею на ранейшае бяздзеянне паліцыі”, ён распарадзіўся неадкладна адправіць апальных святароў у вызначаныя для іх месцы выгнання ў суправаджэнні паліцэйскіх [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 121, 132–132 адв., 138 б].

Ад галоўных зачыншчыкаў царкаўлянскай акцыі пратэсту пазбавіліся. Але на месцах заставаліся яшчэ многія дзесяткі яе ўдзельнікаў, “уцягнутыя ў яе болей староннімі інтрыгамі, чым па ўласнаму жаданню, якія аднак яшчэ не засведчылі начальства ў сваім раскаянні”. Лёс 68 святароў, якія падпісалі “супрацьзаконныя даверанасці” на імя Ігнатовіча і Тамкавіда, вырашаў Сямашка 11 лютага. Вось што займала яго думкі за дзень да гістарычнага Полацкага царкоўнага сабора! Ён распарадзіўся выклікаць іх па чарзе ў Беларускую кансісторыю для разборкі. Тых, хто раскаецца, можна вяртаць на месца службы. Тых, хто адмовіцца ад раскаяння, і нядобранадзейных падвяргаць забароне. “А калі каторыя з царкоўнаслужыцеляў акажуцца лішнімі або шкоднымі па Беларускай епархіі”, заключаць такіх пад нагляд у манастыр [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 123 – 123 адв.].

“На астатнюю масу духавенства яшчэ няпэўнай добранадзейнасці” ён раіў уздзейнічаць праз благачынных, “цяпер ужо амаль усіх надзейных”. А потым рэкамендаваў выклікаць іх для перавыхавання ў Полацк па 2–3 чалавекі – “каб зноў не даць повада скласціся шматлікай бандзе неслухаў ”. Тых, хто адмовіцца змяніць веру, Сямашка патрабаваў паступова замяшчаць надзейнымі святарамі.

“Пасля гэткіх мер, – пісаў уладыка, – я не чакаю ніякага важкага супраціву з боку няпэўнай яшчэ добранадзейнасці святароў Беларускай епархіі. … Пра манахаў не варта хвалявацца, … таму што наогул амаль ужо пазбаўлены ўсялякага ўплыву на грэка-уніяцкі народ. Адзіна, на што належыць звярнуць увагу, ёсць … спробы ўзняць прыхаджан супраць святароў, прызначаных на месца духоўных, якія аказаліся нядобранадзейнымі .” Памешчыкаў, настаўляў далей Сямашка, праз прадвадзіцеляў дваранства трэба папярэдзіць, што хваляванні сялян у іхніх уладаннях будуць разглядацца як іх уласная безадказнасць.

Пасля ўсіх прынятых і плануемых да выкарыстання мер, заключаў літоўскі епіскап, “не знаходжу ніякага повада прыпыняць мяркуемае далучэнне уніятаў, насупраць, лічу, што гэта мера будзе рашуча садзейнічаць канчатковаму вынішчэнню элементаў супрацьдзеяння... Адна толькі перасцярога можа быць не лішняй, менавіта: каб не абвяшчаць цяпер афіцыйна ўказу Св.Сінода…, каб выйграць час…” [30, ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 138 б].

 

Войска – на дапамогу

 

Шырокі масавы супраціў аправаслаўліванню прымусіў улады належным чынам «абставіць» «ўз’яднанне»: былі зняты з пасад і ізаляваны, зняволены ў турмы і манастыры, узяты пад паліцэйскі нагляд або высланы ў расійскія губерні ўсе іншадумцы, якія маглі перашкодзіць «намерам урада»; абмежавалі перасоўванне уніяцкага і каталіцкага духавенства. Генерал-губернатары былі надзелены надзвычайнымі паўнамоцтвамі. На паноў ўсклалі паліцэйскі нагляд за сялянамі і падаўленне супраціву, папярэдзіўшы «аб непазбежнай адказнасці… у выпадку замяшання ў іх маёнтках».

Але гэтага здавалася мала. Акт Полацкага сабора некалькі месяцаў хавалі ад народа – у Пецярбургу ўсур’ёз чакалі выбуху бунтаў. Каб іх прадухіліць, у студзені 1839 г. на Беларусь быў выкліканы 29-ты казацкі полк, які сотнямі размясцілі ў найбольш выбухованебяспечных населеных пунктах Полацкага, Дрысенскага, Себежскага і Лепельскага павета Віцебскай губерні, Вілейскага, Дзісненскага і Барысаўскага паветаў Мінскай і Сенненскага і Мсціслаўскага Магілёўскай губерні [29, ф. 1297, воп. 1, спр. 11018, 11116].

Абнародаванне саборнага рашэння прайшло адносна спакойна…

 



Просмотров 471

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.su - 2024 год. Все права принадлежат их авторам!