Главная Обратная связь

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)


 

 

 

 



ЛЁС ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ БССР У 20-30-я гг. ХХ ст



ЗАНЯТАК 3

Устанаўленне Савецкай улады ў Беларусі. Першы Усебеларускі з’езд. Барацьба з германскімі інтэрвентамі. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

У адпаведнасці з выдадзенай бальшавікамі 2 лістапада 1917 г. «Дэкларацыі правоў народаў Расіі», дзе абвяшчалася права кожнага народа на самавызначэнне, ВБР пачала актыўную працу па скліканні І Усебеларускага з’езда для вырашэння пытання беларускай дзяржаўнасці. З’езд праходзіў у Мінску з 7 па 17 снежня 1917 г., і ў яго рабоце прынялі ўдзел 1 872 дэлегаты, якія прадстаўлялі ўсе колы беларускага грамадства, розныя палітычныя арганізацыі з Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў. У ноч з 17 на 18 снежня ўдзельнікі з’езда прынялі рэзалюцыю, у якой абвяшчаліся ўсталяванне на тэрыторыі Беларусі рэспубліканскага ладу і ўтварэнне Усебеларускай Рады сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегаты выказаліся за аўтаномію Беларусі ў складзе Савецкай Расіі. Але гэта не ўваходзіла ў планы бальшавікоў, і па рашэнню Аблвыканкамзаха з’езд быў разагнаны сілай.

Дэлегаты з’езда ратаваліся ад арышту ў мінскім дэпо, дзе працягнулі сваю работу і выбралі Раду Усебеларускага з’езда ў складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам. 21 снежня 1917 г. Рада абрала Выканаўчы камітэт, які ўзначаліў Язэп Варонка. У пытанні аб дзяржаўным будучым Беларусі Рада і Выканкам перайшлі ад ідэі аўтаноміі ў складзе Расіі да ідэі поўнага суверэнітэту.

Брэсцкі мір. Абвяшчэнне БНР. У снежні 1917 г. у Брэсце Л.Троцкі сарваў перамовы з нямецкім камандаваннем аб міры, і 18 лютага 1918 г. немцы распачалі наступленне па ўсяму Заходняму фронту. 19 лютага Мінск пакінулі прадстаўнікі ўлады бальшавікоў. У такіх умовах Выканкам Рады 21 лютага 1918 г. звярнуўся да беларускага народа з 1-й Устаўной граматай, у якой абвясцiў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкам вылучыў са свайго складу Народны Сакратарыят Беларусі (на чале з Я.Варонкам), які па сутнасці стаў першым беларускім урадам. Усе палітычныя рашэнні планавалася прыняць на Усебеларускім устаноўчым сходзе, але ўжо 25 лютага ў Мінску ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым, які не меў намеру прызнаваць іншую ўладу. У выніку зімовага наступлення немцы прасунуліся на ўсход да Дняпра.

Урад Савецкай Расіі 3 сакавіка 1918 г. падпісаў з Германіяй мір у Брэсце, па якому землi, якiя знаходзіліся на захад ад лiнii Рыга − Дзвiнск − Свянцяны − Лiда − Пружаны − Брэст, перадавалiся Германii. Але рэальна немцы заставаліся на тэрыторыі, занятай пад час зімовай кампаніі 1918 г. Пры заключэнні Брэсцкага міра беларускае пытанне нават не закраналася. Беларускія землі ў мірным дагаворы называліся «абласцямі, якія раней належалі Расіі».

Такім чынам, тэрыторыя Беларусі аказалася падзеленай на тры часткі. Заходняя Беларусь разам з Вільняй далучылася непасрэдна да Германіі і атрымала назву «Новая Усходняя Прусія». Цэнтральная Беларусь і частка ўсходніх раёнаў лічыліся тэрыторыяй, часова акупаванай немцамі. Усходняя Беларусь па сутнасці далучалася да Савецкай Расіі.

У адказ на гэта 9 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады выдаў 2-ю Устаўную грамату, у якой абвясціў стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у межах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народа. Да склікання Усебеларускага ўстаноўчага сойма заканадаўчая ўлада перадавалася Радзе БНР, выканаўчая ― Народнаму Сакратарыяту. Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.

15 сакавіка 1918 г.ІV Надзвычайны Усерасійскі з’езд саветаў ратыфікаваў Брэсцкі мір. Тады 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР прыняла 3-ю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР і патрабавалася пераглядзець умовы Брэсцкага мiра. Рада БНР адправіла імператару Германіі Вільгельму ІІ тэлеграму з просьбай аб падтрымцы дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Але спроба абаперціся на Германію не прынесла чаканага выніку. Дзяржавы Антанты i ЗША ва ўмовах вайны з Германіяй i грамадзянскай вайны ў Расii таксама не праявiлi зацiкаўленасцi беларускім пытаннем. Савецкая Расiя адкрыта выступала супраць БНР.

Звязаная ўмовамі Брэсцкага міра, Германія дэ-юрэ не прызнала незалежнасці БНР, але разам з тым нямецкія акупацыйныя ўлады надалі органам БНР некаторыя рэальныя паўнамоцтвы. У кампетэнцыі БНР знаходзіліся гандаль, асвета, культура, сацыяльнае забеспячэнне. Дзякуючы дзейнасці Рады БНР выдаваліся падручнікі, адчыняліся беларускія школы, быў створаны педагагічны інстытут і інш. Пасля капітуляцыі Германіі (11.11.1918) урад Расіі абвясціў аб дэнансацыі (адмене) умоваў Брэсцкага дагавора і накіраваў Чырвоную Армію ў Беларусь. Урад БНР вымушаны быў эмігрыраваць.

Абвяшчэнне БНР мела вялікае значэнне ў працэсе ўтварэння беларускай дзяржаўнасці. Урад бальшавікоў, зыходзячы з аб’ектыўных абставін рэальнай дзейнасці Рады і Народнага Сакратарыята БНР, не мог больш ігнараваць права беларускага народа на стварэнне сваёй дзяржавы і вымушаны быў пераглядзець свае пазіцыі па беларускаму пытанню.

Утварэнне БССР і ЛітБел. «Ваенны камунізм». Падзеі, звязаныя з Усебеларускім кангрэсам, сведчылі пра сур’ёзнасць беларускага пытання. У студзені 1918 г. у Петраградзе як аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) (старшыня − А.Чарвякоў, сакратар − З.Жылуновіч). Белнацкам выступаў за ператварэнне Заходняй вобласці, якая была створана на тэрыторыі Беларусі ў выніку рэвалюцыйных падзей 1917 г., у беларускую аўтаномію ў складзе РСФСР. Дзейнасць Белнацкама выклікала незадаволенасць Аблвыканкамзаха, які адхіліў усялякія спробы стварэння беларускай дзяржаўнасці і перайменаваў Заходнюю вобласць у Заходнюю камуну. Толькі абвяшчэнне БНР і прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі з боку адноўленай пасля Першай сусветнай вайны Польшчы прымусілі ўрад Савецкай Расіі пайсці на ўтварэнне беларускай сацыялістычнай дзяржавы.

Рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі было аформлена на VІ Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі бальшавікоў, якая праходзіла ў Смаленску 30–31 снежня 1918 г. і была перайменавана ў І з’езд камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. 1 студзеня 1919 г. быў утвораны Часовы рабоча-сялянскі ўрад рэспублікі, які ўзначаліў З.Жылуновіч. У гэты ж дзень урад прыняў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. У дакуменце дэклараваліся сацыяльныя правы працоўных у новай краіне, але адсутнічалі дэмакратычныя правы і свабоды, паколькі яны не адпавядалі інтарэсам дыктатуры пралетарыяту.

Але пасутнасці ўрад БССР не меў ніякіх паўнамоцтваў, а ўсе асноўныя пытанні, якія тычыліся беларускага народа, вырашаліся ў Маскве. Так, былі зачынены ўсе беларускія навучальныя ўстановы, якія былі створаны ў час нямецкай акупацыі, было адмоўлена ў вылучэнні сродкаў на выданне камуністычнай газеты на беларускай мове. Больш за тое, 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б), рыхтуючыся да падзелу сфераў уплыву з Польшчай, прыняў рашэнне аб вывадзе са складу БССР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і далучэнні іх да Расіі, а Гродзенскай і Мінскай губерням прапаноўвалася аб’яднацца з Літвой і ўтварыць адзіную дзяржаву. Зварот урада БССР у Маскву з надзеяй адмяніць гэтыя рашэнні поспеху не меў.

Беларуска-Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Вільні ўзнікла 27 лютага 1919 г. Ва ўрад новага дзяржаўнага ўтварэння не быў уключаны ніводны беларус, а ў дзяржаўным справаводстве выкарыстоўваліся руская, літоўская і нават польская мовы, акрамя беларускай. ЛітБел ССР з’яўлялася буфернай дзяржавай, якую бальшавікі стварылі з мэтай выкарыстаць яе ў якасці пагранічнай зоны паміж РСФСР і Польшчай з мэтай прадухілення адкрытай вайны. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне не праіснавала і двух месяцаў.

«Ваенны камунізм». Сацыяльна-эканамічнае становішча на беларускіх землях было вельмі складанае. У Савецкай Расіі бальшавікамі была ўведзена палітыка «ваеннага камунізма» (1918 − сакавік 1920), якая грунтавалася на сістэме надзвычайных мер і мела на мэце ўсталяваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з перавагай дробна-буржуазнага насельніцтва. Сваю назву палітыка атрымала з-за адмены таварна-грашовых адносін, свабоднага гандлю і прыватнай уласнасці і ўвядзення натуралізацыі аплаты працы. У прамысловасці была праведзена нацыяналізацыя ўсіх прадпрыемстваў, уведзены ўсеагульная абавязковая працоўная павіннасць («кто не работает, тот не ест»), а таксама цэнтралізацыя і камандна-адміністрацыйны стыль кіравання прамысловасцю.

Найбольш цяжкая сітуацыя склалася ў сельскай гаспадарцы. Для таго, каб пракарміць армію, рабочых і непрацаздольнае насельніцтва гарадоў, улада ўвяла манаполію хлебнага гандлю і харчразвёрстку. Сяляне абавязаны былі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і іншых прадуктаў па фіксаваных цэнах. На самай справе ў сялян забіраліся не толькі лішкі, але і частка неабходных для спажывання прадуктаў. У большасці выпадкаў іх забіралі ў доўг, або за папяровыя грошы, якія не мелі ніякай пакупной здольнасці. Праводзілі харчразвёрстку спецыяльныя харчатрады і прадстаўнікі мясцовых саветаў. Тых, хто адмаўляўся падпарадкавацца, хаваў збожжа, аказваў супраціўленне, па ўмовах ваеннага часу чакаў расстрэл. У Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася на тэрыторыі, якая ў той час кантралявалася бальшавікамі.

У выніку гэтай палітыкі за два гады была зруйнавана гаспадарка былой Расійскай імперыі. Пагаршэнне становішча насельніцтва выклікала сацыяльную напружанасць у грамадстве і прыводзіла да антыбальшавіцкіх выступленняў сялян і салдат.

Беларусь у перыяд савецка-польскай вайны (1919−1920). Пачатак 1919 г. быў перыядам дзяржаўна-тэрытарыяльнай перабудовы пасляваеннай Еўропы і часам спадзяванняў для многіх еўрапейскіх народаў на стварэнне ўласных незалежных дзяржаў. Беларусь чарговы раз апынулася ў сферы спаборніцтва геапалітычных інтарэсаў Расіі і Польшчы. Прэтэнзіі прадстаўнікоў урада БНР на незалежнасць не былі падтрыманы на Версальскай канферэнцыі ў студзені 1919 г. Для барацьбы з савецкай уладай вядучыя краіны Еўропы і ЗША пайшлі на палітычны саюз з А.Калчаком, які на той час з’яўляўся кіраўніком белага руху ў Расіі, і выказаліся толькі за магчымасць аўтаномій народаў у складзе Расіі.

З другога боку, Юзаф Пілсудскі, кіраўнік адноўленай польскай дзяржавы, чарговы раз агучыў ідэю польскага нацыянальна-вызваленчага руху ХІХ ст. ― аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У адозве «Да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага» Ю.Пілсудскі запэўніваў, што «польскае войска нясе ўсім вольнасць і свабоду». Насельніцтва Беларусі, якое ў большасці было незадаволенае палітыкай «ваеннага камунізму», мабілізацыяй у Чырвоную Армію і рэквізіцыямі (у Расіі ішла грамадзянская вайна), з пэўным энтузіязмам успрыняло абяцанні Ю.Пілсудскага.

Наступленне польскай арміі на беларускія землі пачалося ў лютым 1919 г. і мела вельмі імклівы характар: у сакавіку палякі ўжо кантралявалі тэрыторыю на захад ад лініі рэк Піна − Ясельда, 21 красавіка была занята Вільня, у жніўні ― Мінск, а ў верасні польскае войска апынулася на лініі Дзвінск − Полацк − Барысаў − Любань. Лідэры ўрада БНР спадзяваліся на магчымасць аднаўлення рэспублікі, аднак незалежная Беларусь не ўваходзіла ў планы Ю.Пілсудскага. На захопленай тэрыторыі быў усталяваны польскі акупацыйны рэжым: ліквідаваны органы мясцовага кіравання, аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне, праводзіліся рэквізіцыі, а многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху апынуліся ў турмах.

Такая палітыка польскіх уладаў выклікала масавы рух супраціву, які ўзначаліла самая ўплывовая на той час партыя на тэрыторыі Беларусі − БПС-Р (беларускія эсэры). Супраціўленне польскім акупантам арганізоўвалі таксама і бальшавікі. 14 мая 1920 г. Чырвоная Армія пад камандаваннем М.Тухачэўскага перайшла ў контрнаступленне. Пасля вызвалення Мінска 31 ліпеня 1920 г. адбылося другое абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). У жніўні 1920 г. быў вызвалены Брэст. Апанаванае ідэяй «сусветнай рэвалюцыі» войска М.Тухачэўскага рушыла далей на Захад, але было спынена пад Варшавай і вымушана было адступаць.

Адначасова на беларускіх землях актывізаваўся антысавецкі ўзброены рух. На Палессі дзейнічаў атрад генерала С.Булак-Балаховіча, а ў лістападзе 1920 г. адбылося ўзброенае паўстанне на Случчыне. 14−15 лістапада 1920 г. адбыўся І беларускі з’езд Слуцка і Случчыны, які выказаўся за прызнанне ўлады БНР. Была створана Першая Слуцкая брыгада стральцоў войск БНР, якая налічвала каля дзесяці тысяч добраахвотнікаў і ўтрымлівала ўладу ў 15 валасцях Слуцкага і Бабруйскага паветаў у перыяд з 27 лістапада па 28 снежня 1920 г. Паўстанні адбыліся таксама ў Койданаўскім, Ігуменскім і іншых паветах.

Ва ўмовах польскага контрнаступлення і ўзмацнення антысавецкага руху на тэрыторыі Беларусі ўвосень 1920 г. савецкі ўрад пайшоў на мірныя перагаворы з Польшчай. 18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор, па якому да Польскай дзяржавы адыходзіла тэрыторыя Заходняй Беларусі з насельніцтвам 4,6 млн. чалавек, савецка-польская мяжа праходзіла ў 30 км ад Мінска. Такім чынам, у складзе абвешчанай 31 ліпеня 1920 г. ССРБ засталіся толькі шэсць паветаў былой Мінскай губерні, у якіх пражывала 1,5 млн. чалавек. На перамовы ў Рызе, дзе вырашалася тэрытарыяльнае пытанне Беларусі, беларускую дэлегацыю нават не запрасілі. Усходняя Беларусь засталася ў складзе РСФСР.

Падводзячы вынікі, неабходна адзначыць, што першае 20-годдзе ХХ ст. стала часам выпрабаванняў для беларускага народа. У складаны перыяд войн і рэвалюцый абуджалася беларускае грамадства, паскараліся працэсы самаідэнтыфікацыі беларусаў. Беларуская нацыя прайшла шлях ад непрызнання яе існавання ў складзе Расійскай імперыі, а потым і РСФСР, да ўтварэння нацыянальнай дзяржавы (БНР, БССР). Аднак Рыжскі мір, які замацаваў падзел Беларусі і ўваходжанне яе частак у склад розных у палітычных, эканамічных і ідэалагічных адносінах дзяржаваў ― Расіі і Польшчы, чарговы раз штучна затрымаў працэс кансалідацыі беларускай нацыі.

2. У канцы 1920-х − сярэдзіне 1930-х г. з прыходам да ўлады Сталіна ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, адбывалася ўсталяванне таталітарнага рэжыму. Таталітарызм ― гэта тып палітычнай і грамадскай сістэм, які характарызуецца імкненнем дзяржавы да поўнага (татальнага) кантролю над усімі сферамі жыцця грамадства, забаронай дэмакратычных арганiзацый i лiквiдацыяй канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян. Сутнасцю таталітарызму з’яўляецца яго ідэалогія. У адрозненне ад іншых сацыяльных сістэм, напрыклад, феадалізму або капіталізму, якія ўзніклі натуральным шляхам развіцця гісторыі, таталітарны строй ствараўся мэтанакіравана на падставе вызначанай ідэалагічнай дактрыны. Ёй з’яўлялася ідэя аб непазбежнасці пабудовы «светлай будучыні» ― камунізму. Для гэтага неабходна было адмовіцца ад мінулага, а цяперашняе жыццё падпарадкаваць ажыццяўленню вышэйзгаданай ідэі.

Таталітарызму ўласцівы наступныя прыкметы, якія мелі месца ў Савецкай Беларусі разглядаемага часу:

· манаполія дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Такая сітуацыя стала магчымай з ліквідацыяй НЭПа і ажыццяўленнем палітыкі індустрыялізацыі і калектывізацыі, пры якіх быў поўнасцю ліквідаваны прыватны капітал у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, а непасрэдны вытворца − рабочы і селянін ― адхілены ад валодання сродкамі вытворчасці;

· жорсткая дзяржаўная сістэма размеркавання матэрыяльных даброт. У выніку правядзення індустрыялізацыі ўзмацнілася эканамічная залежнасць БССР ад цэнтра. Усе даходы пералічваліся ў саюзны бюджэт, а там адвольна вырашалі, колькі сродкаў выдзеліць на развіццё народнай гаспадаркі Беларусі. Размеркаванне ажыццяўлялася і сярод кіраўнікоў партыйных і савецкіх органаў. Простае насельніцтва (рабочыя і сяляне) пераводзілася на сістэму самазабеспячэння за кошт выдзялення ім невялікіх зямельных надзелаў і прысядзібных участкаў;

· культ асобы ― рэжым асабiстай улады, пры якiм узвялiчвалася роля аднаго чалавека (Сталiна), яму ж прыпiсвалася магчымасць вызначальна ўплываць на ход гiстарычных падзей. Замацаванне культу асобы ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, фактычна адбылося да сярэдзiны 1930-х г.;

· наяўнасць камандна-адміністрацыйнай сістэмы ― іерархічна арганізаванай сістэмы кіравання грамадствам, якая заснавана на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму. У СССР характарызавалася непадзельнай уладай адной партыі ― партыі камуністаў. У рамках камандна-адміністрацыйнай сістэмы дзейнічаў прынцып: «Забаронена ўсё, што не загадана». Узаемадзеянне апарата кіравання і мас ажыццяўлялася праз іерархічную сістэму сувязяў «загад ― выкананне», прычым зваротнай сувязі не існавала. Гэтая сістэма выхоўвала паслухмяных выканаўцаў, якія павінны былі верыць у бязгрэшнасць і беспамылковасць вышэйшага кіраўніцтва партыі і дзяржавы. У такiх умовах страчвалася роля саветаў, грамадскiх арганiзацый, нiзавых органаў самой партыi. Затое павялiчылася роля Народнага камiсарыята ўнутраных спраў (НКУС), якi выкарыстоўваўся для расправаў з працiўнiкамi cталiнскага курса. Дзяржава з грамадска-палітычна інстытута ператваралася ў нейкі механізм, у якім чалавек, пазбаўлены ўласнасці, улады і кіравання, станавіўся простым «вінцікам» велізарнай машыны пад назвай «дзяржава»;

· адсутнасць дэмакратычных правоў і свабод. У 1936 г. у СССР была прынята Канстытуцыя, якая прадэкларавала права савецкіх грамадзян на свабоду слова, недатыкальнасць асобы, тайну перапіскі, незалежны суд і інш. дэмакратычныя правы. Але на самай справе гэта не выконвалася. Побач з усімі пералічанымі ў Канстытуцыі правамі ў Савецкім Саюзе існавала бязлітасная рэпрэсіўная машина, прымяняліся арышты і расстрэлы;

· масавыя рэпрэсіі з’яўляліся важным атрыбутам функцыяніравання таталітарнай сістэмы. У краіне не існавала прэзумпцыі невінаватасці: на людзей прычэпліваўся ярлык «ворагаў народа», яны падвяргаліся рэпрэсіям. Часта канчатковае рашэнне аб лёсе чалавека прымалі знакамітыя «тройкі». Яшчэ хутчэй закруціла рухавік масавых рэпрэсій пастанова ЦВК СССР ад 1 снежня 1934 г., якая прадпісвала праводзіць следства па справах тэрарыстычных арганізацый у 10-дзённы тэрмін, разглядаць іх у судзе без прысутнасці адвакатаў, а прысуды выконваць адразу пасля іх абвяшчэння. Па абвінавачванню ў тэрарызме і супрацоўніцтве з варожымі разведкамі (у БССР ― пераважна з Польшчай) былі рэпрэсіраваны сотні тысяч людзей.

Барацьба з нацдэмамі. Сталіну для таго, каб трывала замацаваць свае пазiцыi, трэба было знiшчыць найбольш адукаваную частку грамадства, здольную разабрацца ў рэальнай сітуацыі ― iнтэлiгенцыю. На беларускую iнтэлiгенцыю прычапiлi ярлык «нацыянал-дэмакратызму» (нацдэмаў), абвінаваціўшы ў варожай савецкаму ладу дзейнасці з мэтай рэстаўрацыi капiталiзму ў Беларусi. Ужо ў канцы 1920-х г. арыштам падвергліся тыя дзеячы, якія актыўна праводзілі палітыку беларусізацыі: быў змешчаны з пасады старшыня ўрада БССР І.Адамовіч, пераследу падвергліся прэзідэнт Акадэміі навук БССР У. Ігнатоўскі і першы старшыня СНК БССР З. Жылуновіч. З больш чым 800 удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху 1917 − 1927 г. былі рэпрэсіраваны ўсе, хто не з’ехаў у эміграцыю.

Вышэйшай кропкай барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная справа, якая атрымала назву «Саюз вызвалення Беларусi» (СВБ). У 1931 г. за «прыналежнасць» да яе было асуджана 90 чалавек, галоўным чынам работнiкаў культуры, навукi, мастацтва. Роля кiраўнiка СВБ адводзiлася народнаму пiсменнiку Янку Купалу, але спробай самагубства ён сябе «рэабiлiтаваў» у вачах дзяржаўнай улады.

У 1930-я г. вялікі ўрон быў нанесены беларускай культуры, навуцы і беларускай нацыянальнай ідэі. Пасля палітыкі беларусізацыі, у канцы 1920-х − 1930-я г., савецкі ўрад праводзіў на тэрыторыі БССР цэлы комплекс мерапрыемстваў у галіне навукі і культуры, які атрымаў назву «культурнай рэвалюцыі». З аднаго боку, гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі павышэнню адукаванасці насельніцтва і павышэнню культурнага ўзроўню мас, а з другога ― рабілася ўсё для таго, каб знішчыць адметнасць і самабытнасць беларускага народа. Нават выкладанне на беларускай мове ў 1930-я г. магло быць пастаўлена ў вiну i квалiфiкавана як нацдэмаўшчына. Так здарылася з рэктарам БДУ У.Пiчэтам.

У 1933 г. была праведзена рэформа беларускай мовы, у вынiку чаго яна значна наблiзiлася да рускай. 1 778 найменняў кніг на беларускай мове падлягалі знішчэнню. Былі расстраляныя больш за 100 навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук БССР, большасць выкладчыкаў БДУ, з 238 беларускіх пісьменнікаў больш за 200 былі рэпрэсіраваны. Чарговы раз у гісторыі Беларусь па сутнасці апынулася без нацыянальнай эліты. Акрамя таго, рэпрэсіі зведала і простае насельніцтва: сяляне-«кулакі» і абвінавачаныя ў «шкодніцтве» рабочыя. Ад маршала да хатняй гаспадыні ― ніхто не быў застрахаваны ад арышту.

Пiк сталiнскiх рэпрэсiй прыйшоўся на 1937−1938 г. Было абвешчана, што ў БССР icнуюць антысавецкае падполле i нацыянал-фашысцкая арганiзацыя, у якія ўваходзіць вышэйшае партыйнае кіраўніцтва рэспублікі. У выніку праведзеных рэпрэсiйрэспублiканская партыйная арганiзацыя страцiла 40 % свайго складу, а з 101 сакратара райкамаў Беларусi былi рэпрэсiраваны 99 чалавек.

У 1939 г., у час знаходжання на пасадзе кiраўнiка НКУС БССР Л.Цанавы, было арыштавана 27 тыс. чалавек ― амаль па 900 чалавек у дзень. Толькі ў адным месцы ― ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам ― было знойдзена больш за 100 тыс. пахаваных ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Усяго, паводле падлiкаў вучоных, у 1930-я г. у Беларусi было рэпрэсiравана больш за 600 тыс. чалавек.

Такiм чынам, грамадска-палiтычнае жыццё ў Савецкай Беларусі ў канцы 1920-х − 1930-я г. характарызавалася ўсталяваннем таталiтарнага рэжыму i культу асобы, якiя суправаджалiся непрымiрымасцю да любых спроб непадпарадкавання i масавымi рэпрэсiямi.

3. Новая эканамічная палітыка (НЭП) і беларусізацыя ў БССР. Першая сусветная і савецка-польская войны, змена акупацыйных рэжымаў, а таксама палітыка «ваеннага камунізму» прывялі да глыбокага эканамічнага крызісу ў Беларусі. Асабліва цяжкім было становішча ў сельскай гаспадарцы, дзе ў выніку рэквізіцыі коней, свіней, збожжа ўсімі арміямі і правядзення бальшавікамі харчразвёрсткі вясной 1921 г. фактычна не было чым сеяць. Гэта прывяло да сялянскіх хваляванняў і нават узброеных выступленняў.

Падобная сітуацыя склалася і ў расійскай вёсцы. Да таго ж, надзеі на хуткую сусветную рэвалюцыю не спраўдзіліся, і далейшы працяг палітыкі «ваеннага камунізму» з яго сістэмай надзвычайных мер ствараў пагрозу ўладзе бальшавікоў і прымусіў іх пераглядзець свой эканамічны курс. У сакавіку 1921 г.на X з’ездзе РКП(б) была прынята «новая эканамiчная палiтыка»(НЭП), якая павiнна была забяспечыць хуткi гаспадарчы ўздым, павышэнне матэрыяльнага i культурнага ўзроўню насельнiцтва i ў канчатковым вынiку − пабудову сацыялiзму.

Сутнасць НЭПа. Новая эканамічная палітыка ўяўляла сабой комплекс мерапрыемстваў Савецкай дзяржавы ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі і гандлю.

У прамысловасці, якая ў першыя гады савецкай улады была поўнасцю нацыяналізавана, неабходным крокам стала яе дэцэнтралізацыя. Дзяржава не мела сродкаў для аднаўлення эканомікі, і на аснове існуючых метадаў гаспадарання дзяржаўная прамысловасць не магла забяспечыць дастатковага таварнага росту, таму пачалі ўводзіцца розныя формы кіравання прамысловасцю. Буйныя і стратэгічна важныя прадпрыемствы аб’ядноўваліся ў трэсты і заставаліся ва ўласнасці дзяржавы, астатнія падлягалі кансервацыі або здаваліся ў арэнду прыватным асобам, а нерэнтабельныя дробныя прадпрыемствы закрываліся. Дапускаліся розныя формы ўласнасці – дзяржаўная, прыватная, кааператыўная. Некаторыя прадпрыемствы пераводзіліся на гаспадарчы разлік (у рамках дзяржбюджэту і фіксаваных цэн) і камерцыйны разлік (атрыманне прыбытку за кошт дагаворна-рыначных цэн) і атрымлівалі шырокую гаспадарчую аўтаномію.

Адмянялася абавязковая працоўная павіннасць, і фарміраваўся рынак свабоднай рабочай сілы. У аплаце працы рабочых ліквідавалася ўраўнілаўка, улічвалася прадукцыйнасць працы і кваліфікацыя. За гады «ваеннага камунізму» бальшавікі пераканаліся, што для кіраўніцтва прадпрыемствамі неабходны спецыяльныя веды. Таму ў перыяд НЭПа да супрацоўніцтва прыцягваліся спецыялісты (эканамісты, бухгалтары, інжынеры і інш.), якія павінны былі перадаць свой вопыт і веды выхадцам з рабочых і сялян.

У канцы 1920 г. быў распрацаваны план дзяржаўнай электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО), у адпаведнасці з якім на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны 20-х г. было пабудавана звыш 20 электрастанцый, першай з якіх стала Аршанская БелДРЭС.

У сельскай гаспадарцы харчразвёрстка была заменена натуральным харчпадаткам, памер якога да сялян даводзілi яшчэ да сева. Харчпадатак перыядычна памяншаўся ― спачатку ён складаў 20 % ад ураджаю, потым ― 10 % і 5 %. Лішкі прадукцыі сяляне свабодна маглі прадаць на рынку, што, несумненна, стымулявала працу вяскоўцаў. Для сялян, якія распрацоўвалі пусткі і зараснікі, праводзілі меліярацыю зямель, памер падатку быў яшчэ меншы.

На вёсцы былі дазволены арэнда зямлі і выкарыстанне наёмнай працы, пры ўмове, што сам гаспадар таксама будзе працаваць на палетках. Развівалася і сялянская кааперацыя.

Аднак заставалася праблема сялянскага малазямелля, для вырашэння якой улада заахвочвала сялян да перасялення на хутары. У БССР гэтаму працэсу актыўна садзейнічаў народны камісар земляробства БССР Д.Ф. Прышчэпаў, які быў знаёмы з арганізацыяй фермерскай гаспадаркі ў Даніі і Германіі. Па яго ініцыятыве ў 1925−1928 г. у рэспубліцы праводзілася камасацыя сельскагаспадарчых грунтаў, якая ліквідавала цераспалоснасць сельскіх гаспадарак шляхам стварэння хутароў. Такая аграрная палітыка стымулявала развіццё прыватнай гаспадарчай ініцыятывы і садзейнічала стварэнню заможных сялянскіх гаспадарак. Пазней, падчас правядзення калектывізацыі, Д.Ф. Прышчэпаў быў абвінавачаны ў стварэнні кулацкіх гаспадарак, да яго палітыкі быў прычэплены ярлык «прышчэпаўшчына», а сам наркам рэпрэсіраваны.

У фінансавай сферы важным крокам стала правядзенне ў 1922−1924 г. грашовай рэформы. Яе неабходнасць тлумачылася, з аднаго боку, гіперінфляцыяй, абясцэньваннем савецкіх папяровых грошай, з другога ― патрэбай рынку ў новай устойлівай валюце і стварэнні адзінай грашовай сістэмы. Ініцыятарам рэформы стаў наркам фінансаў Г.Я. Сакольнікаў. У выніку была створана двухузроўневая грашовая сістэма:

· дзяржаўныя казначэйскія білеты вартасцю 1, 3, 5 руб., а таксама манеты: сярэбраныя (10, 15, 20, 50 кап.) і медныя (1, 2, 3, 5 кап.), якія выкарыстоўваліся для разлікаў унутры краіны;

· банкаўскія білеты, якія атрымалі назву «чырвонец» і былі падмацаваны золатам. Залатое ўтрыманне чырвонца было роўным 7,7 г чыстага золата. З 1923 г. чырвонец стаў адзіным цвёрдым плацежным сродкам у СССР. З грашовага абарачэння чырвонец афіцыйна быў зняты ў 1947 г., але рэальна ― яшчэ з пачатку 1930-х г., падчас правядзення палітыкі індустрыялізацыі.

У гады НЭПа адбывалася станаўленне савецкай банкаўска-крэдытнай сістэмы. З 1921 г. у Мінску пачала сваю работу Усебеларуская кантора дзяржаўнага банка, а праз пяць гадоў яна ўжо мела дзевяць філіялаў. Ствараліся камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту, ашчадныя касы.

Вынiкi НЭПа. Адносная эканамічная лібералізацыя ў гады НЭПа стварала спрыяльныя ўмовы для адбудовы прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Да 1927 г. у асноўным была адноўлена сельская гаспадарка Беларусі. Разгарнулiся работы па асушэнню балот, павялiчвалася колькасць хутарскiх гаспадарак (у асобных раёнах да 70 − 80 %). Аднак усё гэта дасягалася працай сялян, якiя добраахвотна змяншалi асабiстае спажыванне. Нягледзячы на першыя поспехi, эканамічнае становiшча заставалася цяжкiм. У Беларусi па-ранейшаму пераважала дробная i саматужная прамысловасць.

У другой палове 20-х г. эканамiчная сiстэма НЭПа працавала з большым напружаннем. Развязаўшы сiлы рынку, НЭП стымуляваў расслаенне грамадства. Разам з тым прыватная ўласнасць і іншыя капіталістычныя формы гаспадарання (арэнда, наёмная праца, свабодны рынак) не адпавядалі ўяўленням бальшавiкоў аб сацыялiзме. Да таго ж, НЭПу былі ўласцівы эканамічныя крызісы.

Першы крызiс збыту ў прамысловасці ўзнік у 1923 г. Ён быў выкліканы тым, што прадпрыемствы ў iмкненні атрымаць вялiкiя прыбыткi штучна завышалi цэны на сваю прадукцыю, у вынiку склалiся так званыя «нажнiцы цэн» ― высокiя цэны на прамысловыя тавары i нiзкiя на сельскагаспадарчыя. Гэта прывяло да таго, што сяляне пасля продажу на рынку лішкаў сваёй прадукцыі не маглі дазволіць сабе купіць дарагія прамысловыя тавары. Для таго, каб задаволіць свае патрэбы ў прамысловай прадукцыі, у наступныя гады сяляне, здаўшы дзяржаве фіксаваны харчпадатак, паступова пераходзілі да натуралізацыі сваёй гаспадаркі. У выніку ў 1925−1927 г. быў сарваны план дзяржаўных нарыхтовак збожжа і ў краіне ўзнік збожжавы крызіс. Улада вымушана была купляць збожжа за мяжой.

З 1927 г. НЭП пачаў згортвацца хуткімі тэмпамі, і на змену яму прыйшлі індустрыялізацыя прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі.

БССР у перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У другой палове 1920-х г. на змену эканамічнаму лібералізму перыяду НЭПа ў прамысловасці прыйшла палітыка індустрыялізацыі, прыярытэтным накірункам якой стала стварэнне ў СССР машыннай вытворчасці. Правядзенне індустрыялізацыі тлумачылася неабходнасцю пераадолення тэхнічнай адсталасці і залежнасці СССР ад імпарту прадукцыі цяжкай прамысловасці. Індустрыялізацыя ў БССР была часткай агульнасавецкага працэсу ў прамысловасці, але пры гэтым мела свае асаблівасці. Яе правядзенне звязвалася з шырокiм выкарыстаннем значных прыродных багаццяў Беларусі ― лесу i торфу, а таксама рэзерваў рабочай сiлы ў сельскай мясцовасцi, таму вялікая ўвага надавалася харчовай, тэкстыльнай і гарбарнай галінам.

Курс на індустрыялізацыю быў узяты бальшавікамі на ХІV з’ездзе ВКП(б) у 1925 г., але фактычнае яе ажыццяўленне пачалося з абвяшчэння першага пяцігадовага плана 1928−1932 г. Для стварэння машыннай вытворчасці патрабаваліся вялікія сродкі. Сярод асноўных крыніц індустрыялізацыі можна вызначыць наступныя:

· калектывізацыя вёскі, у выніку якой былі створаны калгасы ― вялікія фабрыкі па вытворчасці збожжа, якое прадавалася за мяжу, а аплата працы калгаснікаў была натуральная і адбывалася раз у год пасля збору ўраджаю, што дазваляла дзяржаве эканоміць вялікія грашовыя сродкі;

· дзяржаўныя абавязковыя ўнутраныя пазыкі і жорсткая эканомія пры аплаце працы рабочых;

· сацыялістычнае спаборніцтва («стаханаўскі рух»), якое патрабавала вялікай мабілізацыі сіл працоўных і арганізоўвала працу рабочых пад лозунгам: «Выканаць план − доўг, перавыканаць − гонар!»;

· продаж матэрыяльных каштоўнасцей за мяжу, сярод якіх у асноўным былі прадметы мастацтва: залатыя і сярэбраныя вырабы, карціны заходнееўрапейскіх майстроў і інш.;

· барацьба з рэлігіяй, якая яшчэ раней была абвешчана «опіумам для народа», а закрыццё царквоў, касцёлаў і іншых рэлігійных установаў і канфіскацыя прадметаў рэлігійнага культу ў канцы 1920-х – 1930-я г. давала дадатковыя сродкі для правядзення індустрыялізацыі;

· бясплатная праца зняволеных ГУЛАГА.

Ажыццяўленне індустрыялізацыі адбывалася адміністрацыйнымі метадамі. У 1929 г. Сталіным былі папраўлены лічбы пяцігадовага плана ў бок іх павелічэння, што было эканамічна неабгрунтавана, а ў студзені 1930 г. для фарсіравання тэмпаў індустрыялізацыі была абвешчана палітыка «вялікага скачка». Для прыбліжэння да планавых лічбаў індустрыялізацыя праводзілася экстэнсіўнымі сродкамі: за гады першай пяцігодкі толькі ў БССР было пабудавана 78 буйных і 480 дробных прамысловых прадпрыемстваў, а ў другой пяцігодцы ― 1 700 прадпрыемстваў.

Індустрыялізацыя суправаджалася вялікім напружаннем сіл працоўных і значнымі цяжкасцямі. У 1929 г. была ўведзена картачная сістэма размеркавання прадуктаў ва ўсіх гарадах. Міграцыя, выкліканая індустрыялізацыяй, ахапіла вялікія масы людзей, што абвастрыла жыллёвую праблему, павялічыла колькасць беспрацоўных. Разам з тым не хапала кваліфікаваных рабочых. Насуперак рэальным вынікам 7 студзеня 1933 г. Сталін абвясціў пяцігодку выкананай за 4 гады і 3 месяцы. Гэта не адпавядала рэчаіснасці, паколькі план першай пяцігодкі, як і ўсіх даваенных пяцігодак, не быў выкананы.

Вынiкi iндустрыялiзацыi не былі адназначнымі:

cтаноўчыя: у 1931 г. былі ліквідаваны біржы працы і знікла беспрацоўе. У БССР узніклі новыя галіны прамысловасці, такія як сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная вытворчасць і інш. За гады першай пяцігодкі былі пабудаваны швейная і панчошна-трыкатажная фабрыкі ў Вiцебску, фабрыка штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, дрэваапрацоўчыя камбiнаты ў Гомелi, Бабруйску і Барысаве, завод сельскагаспадарчых машын у Гомелi i iнш.; у другой пяцігодцы (1933 − 1937) былі пабудаваны Гомельскі шклозавод, Крычаўскі цэментны завод, Аршанскі льнокамбінат, Магілёўскі аўтаматорны завод і інш. З аграрнай краіны БССР ператварылася ў аграрна-індустрыяльную;

адмоуныя: iндустрыялiзацыя праводзiлася фарсiраваннымі тэмпамі і камандна-адміністрацыйнымі метадамі. Фактычна аднаўлялася жорсткая цэнтралізаваная сістэма кіравання прамысловасцю перыяду «ваеннага камунізму». Прамысловасць Беларусі стала часткай адзінага эканамічнага арганізма Савецкага Саюза і магла функцыяніраваць толькі ў ім, паколькі гаспадарчыя сувязі паміж прадпрыемствамі былі жорстка рэгламентаваны цэнтрам.

Сацыялiстычнае спаборнiцтва суправаджалася павелiчэннем норм выпрацоўкi i знiжэннем расцэнак выпускаемай прадукцыi, што патрабавала неверагоднага напружання сiл працоўных. Невыкананне плана разглядалася як наўмыснае «шкодніцтва», і па ўсёй краіне разгарнуліся масавыя кампаніі па выкрыцці «контррэвалюцыйных элементаў». У ходзе індустрыялізацыі пагоршылася матэрыяльнае становiшча ўсiх слаёў насельнiцтва і у першую чаргу сялянства ў час правядзення калектывiзацыi.

Калектывiзацыя ― палiтыка ў СССР у канцы 1920-х − 1930-я г., якая заключалася ў масавым пераводзе сялянскіх гаспадарак з індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную і стварэнні калгасаў.

Прычыны калектывiзацыi былі абумоўлены неабходнасцю пошукў сродкаў для правядзення iндустрыялiзацыi. Разам з тым бальшавікамі была пастаўлена задача ліквідацыі прыватнай уласнасцi ў вёсцы, а для гэтага неабходна было ліквідаваць заможныя (кулацкія) сялянскія гаспадаркі. Іх уласнікі, як свабодныя таваравытворцы, не «ўпісваліся» ў рамкі адміністрацыйнага рэгламентавання эканомікі, паколькі выкарыстоўвалі ў сваёй гаспадарцы наёмную сілу, мелі прыбытак і таму разглядаліся бальшавікамі як класавыя ворагі.

Кааперыраванне сялянскiх гаспадарак адбывалася i раней у розных формах: спажывецкай, збытавай, вытворчай. Яны былі распаўсюджаны ў перыяд НЭПа, а галоўным прынцыпам была добраахвотнасць. Курс на калектывізацыю быў узяты ў 1927 г. на ХV з’ездзе ВКП(б), а з 1928 г. аб’яднанне сялянскiх гаспадарак у буйныя калгасы стала генеральнай лiнiяй партыi.

Першапачаткова калектывізацыя разумелася як добраахвотнае і паступовае аб’яднанне сялянскіх гаспадарак. Але сама ідэя аб’яднання ў калгасы на тэрыторыі Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах СССР, не знайшла падтрымкі не толькі сярод простага насельніцтва, але і сярод кіруючых партыйных работнікаў. Супраць яе правядзення выступіла большасць беларускіх камуністаў, сярод якіх быў наркам земляробства БССР Д.Ф. Прышчэпаў. Таму ажыццяўленне калектывізацыі на тэрыторыі Беларусі стала магчымым толькі пасля іх арышту.

Добраахвотна ў калгасы да сярэдзіны 1929 г. аб’ядналіся каля 13 тыс. сялянскіх гаспадарак Беларусі, што складала прыблізна 1,4 % ад іх агульнай колькасці. Пераважна гэта былі гаспадаркі бяднейшых сялян, якім абагульняць у калгасную маёмасць па сутнасці не было чаго.

Калектывізацыя ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, актывізавалася ў перыяд збору ўраджаю 1929 г., а вялікіх тэмпаў дасягнула ў снежні 1929 г. На паскарэнне тэмпаў калектывізацыі паўплываў артыкул Сталіна «Год вялікага пералому», які быў надрукаваны ў газеце «Праўда» 7 лістапада 1929 г. У ім сцвярджалася, што ў калгасы пайшлі асноўныя серадняцкія масы, што абсалютна не адпавядала рэчаіснасці, паколькі ў калгасах на той час было аб’яднана каля 6−7 % сялянскіх гаспадарак, большасць з якіх былі бядняцкімі.

Каб прывесці ў адпаведнасць сталінскія жаданні і рэальную сітуацыю, у СССР пачалася «гонка за тэмпамі». 5 студзеня 1930 г. ЦК ВКП(б) выдаў пастанову «Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву», у якой для БССР быў вызначаны тэрмін завяршэння калектывізацыі − да 1933 г. Ад прынцыпу паступовасці і добраахвотнасці бальшавікі перайшлі да прынцыпу суцэльнай калектывізацыі, якая ажыццяўлялася гвалтоўнымі, прымусовымі метадамі. У дапамогу партыйным і савецкім работнікам у сельскую мясцовасць па ўсім СССР былі накіраваны 25 тысяч найбольш актыўных рабочых-камуністаў («дваццаціпяцітысячнікі»).

Такім чынам, за першыя тры месяцы 1930 г. колькасць сялянскіх гаспадарак, аб’яднаных у калгасы, узрасла да 58 % працэнтаў. Але гэта выклікала супраціў сялянства: ад забойства жывёлы, каб не здаваць яе ў калгас, сяляне перайшлі да антысавецкіх узброеных выступленняў. З пачатку студзеня да сярэдзіны красавіка 1930 г. толькі ў БССР было зарэгістравана 520 сялянскіх выступленняў.

Газета «Праўда» 2 красавіка 1930 г. апублікавала артыкул Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў», у якім крытыцы была падвергнута практыка прымусовай калектывізацыі. Сталін абвінаваціў ва ўсім мясцовыя ўлады («перагібы на месцах»). Сяляне зразумелі гэта як права выхаду з калгасаў, і да 1 чэрвеня 1930 г. колькасць сялянскіх гаспадарак у калгасаў скарацілася да 11 %, зніклі гвалтоўна створаныя калгасы.

Аднак летам 1930 г. адбылася наступная хваля калектывізацыі. Дапамогу ў яе правядзенні аказвалі машына-трактарныя станцыі (МТС) і створаныя пры іх палітаддзелы. Гэтая хваля прыкрывалася лозунгам аб «класавай барацьбе ў вёсцы». Яшчэ 1 лютага 1930 г. была выдадзена пастанова, якая заканадаўча замацоўвала неабходнасць ліквідацыі кулацтва як класа. З гэтага ж года было забаронена прымаць у калгасы кулакоў. Працэс калектывізацыі быў падменены працэсам «раскулачвання». Лёс кулакоў быў цяжкі: ад перасяленняў на Поўнач да турэмнага зняволення і нават расстрэлаў. 1932 г. быў абвешчаны «годам суцэльнай калектывізацыі».

Адсутнасць грашовай аплаты работы (сяляне працавалі за працадні) і ўласнай гаспадаркі ставіла пад пагрозу жыццё сялян. Разам з тым хутка падала прадукцыйнасць калгаснай сельскагаспадарчай вытворчасці, як у галіне вырошчвання збожжа, так і ў жывёлагадоўлі. У 1932 г. для ўсіх грамадзян СССР была ўведзена пашпартная сістэма, якая давала свабоду перамяшчэння, аднак сяляне пашпартаў не атрымалі. Гэта была свядомая палітыка дзяржавы, накіраваная на спыненне масавых уцёкаў сялян у гарады.

Найбольш цяжкая сітуацыя склалася ў 1932−1933 г., калі ў многіх раёнах Расіі і ва Украіне ўзнік страшэнны голад, выкліканы продажам за мяжу вялікай колькасці збожжа на патрэбы індустрыялізацыі. 7 жніўня 1932 г. СНК СССР прыняў закон аб ахове сацыялістычнай уласнасці, які ў народзе атрымаў назву «закон аб трох каласках». Згодна з ім, за збор збожжавых калоссяў з калгасных палёў вінаватыя падлягалі расстрэлу, які ў асобных выпадках мог быць заменены на 10-гадовае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці. У БССР па гэтаму закону было асуджана амаль 11 тыс. чалавек. Каб некалькі палепшыць жыццё сялян, толькі ў 1937−1938 г. ім былі выдзелены невялікія зямельныя ўчасткі для вырошчвання бульбы і гародніны.

Вынiкi калектывізацыі. Да 1939 г. у калгасах на тэрыторыі БССР было аб’яднана больш за 90 % сялянскіх гаспадарак.Усталявалася калгасная ўласнасць, і калгаснiкi фактычна былi адхiлены ад валодання сродкамi вытворчасцi. Невялікі працэнт аднаасобнікаў быў абкладзены нязноснымі падаткамі. У БССР было раскулачана 34 тыс. сялянскіх гаспадарак, каля 700 тыс. вяскоўцаў былі высланы на Поўнач.

Такім чынам, за кошт каласальных ахвяраў да 1939 г. калектывізацыя ў БССР была завершана. Аднак вытворчасць у створаных калектыўных гаспадарках падала, скарачалася колькасць цяглавай і прадукцыйнай жывёлы, а праца, нягледзячы на стварэнне МТС, заставалася ў асноўным ручной.

Але сваёй галоўнай мэты калектывізацыя дасягнула ― прыватная ўласнасць на вёсцы была ліквідавана; за кошт стварэння калгасаў і арганізацыі калектыўнай працы дзяржава атрымала вялікія сродкі, неабходныя для правядзення індустрыялізацыі.

 

4. Беларусізацыя. З лета 1922 г. пачаўся пошук магчымых форм аб’яднання савецкіх рэспублік у адну дзяржаву. Сталін выступіў з ідэяй «аўтанамізацыі», згодна з якой усе рэспублікі павінны былі ўвайсці ў склад РСФСР як яе складаныя часткі. Аднак супраць гэтага выступілі кіраўнікі кампартый рэспублік, у тым ліку і БССР. Яны падтрымалі план Леніна аб стварэнні федэрацыі, пры якой усе савецкія рэспублікі аб’ядноўваліся на раўнапраўнай аснове.

На І Усесаюзным з’ездзе Саветаў у Маскве 30 снежня 1922 г. дэлегацыя БССР на чале з А.Чарвяковым падпісала Дэкларацыю аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). У 1924 і 1926 г. двойчы адбыліся ўзбуйненні БССР, у выніку якіх Беларусі былі вернуты землі (акрамя Смаленшчыны), якія былі ўключаны ў склад Расіі ў 1919 г. Тэрыторыя Беларусі павялічылася ў 2 разы, а колькасць насельніцтва ― амаль у 3 і дасягнула 4,9 млн. чалавек.

Увядзенне пэўнай эканамічнай свабоды ў часы НЭПа патрабавала лібералізацыі і грамадска-палітычнага жыцця, а таксама вырашэння нацыянальнага пытання. У 1920-я г. у БССР праводзілася палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, якая атрымала назву «беларусізацыя». Яна прадугледжвала правядзенне наступных мерапрыемстваў:

· развіццё беларускай культуры і нацыянальнай адукацыі: стварэнне навучальных установаў з беларускай мовай навучання, выданне на беларускай мове кніг, газет і часопісаў, развіццё беларускай літаратуры, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці па ўсебаковаму вывучэнню гісторыі Беларусі;

· перавод на беларускую мову дзяржаўнага апарату, партыйных органаў і Чырвонай Арміі;

· вылучэнне на дзяржаўную, партыйную і грамадскую работу карэннага беларускага насельніцтва, што атрымала назву «карэнізацыі».

Як дзяржаўная палiтыка беларусiзацыя ажыццяўлялася ў 3 этапы:

1) 1921 − 1924 г. − падрыхтоўка фундаменту для нацыянальнага адраджэння. У кастрычніку-лістападзе 1921 г. ЦК КП(б) Беларусі апублікаваў тэзісы «Беларускае нацыянальнае пытанне і камуністычная партыя», у якіх ставілася задача неабмежаванага ўжывання беларускай мовы і развіцця беларускай нацыянальнай культуры. У 1921 г. быў адкрыты Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт; у 1922 г. ― Інбелкульт (Iнстытут беларускай культуры). Згуртаванню творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліпені 1923 г. амністыя ўсім удзельнікам антысавецкіх нацыянальных фарміраванняў і арганізацый 1918 − 1920 г.;

2)1924 − 1928 г. − рэальнае ажыццяўленне беларусiзацыi як афiцыйнай палiтыкi. Рашэннем ліпеньскага 1924 г. пленума ЦК КП(б) Беларусі была абвешчана шырокая праграма нацыянальна-культурнага адраджэння і правядзення ў рэспубліцы «нацыянальнай палітыкі» − беларусізацыі. Сярод найбольш важных яе дасягненняў можна вылучыць наступныя:

· да 1928 года прыкладна 80 % агульнаадукацыйных школ былi пераведзены на беларускую мову; беларуская мова была ўведзена ў дзяржаўных установах i вайсковых адзiнках БССР. Асаблівасцю беларусізацыі было тое, што дзяржаўнымі мовамі адначасова былі абвешчаны беларуская, руская, яўрэйская і польская;

· каля 48 % раённых кiруючых пасад да 1927 г. займалі беларусы;

· развiваліся беларуская лiтаратура, тэатр, утварылася выдавецтва «Cавецкая Беларусь», у 1928 г. быў створаны першы беларускі фільм «Лясная быль»;

· гісторыкамі У. Ігнатоўскім, В. Ластоўскім, У. Пічэтай былi зроблены першыя спробы стварыць нацыянальную канцэпцыю беларускай гiсторыi;

· дзякуючы палiтыцы беларусiзацыi ў БССР паспяхова вырашылiся пытаннi, звязаныя з лiквiдацыяй непiсьменнасцi сярод дарослага насельнiцтва, былi створаны рабочыя факультэты (рабфакi) для падрыхтоўкi рабоча-сялянскай моладзi да паступлення ў ВНУ.

Праўда, ажыццяўленне беларусізацыі адбывалася фарсіраванымі тэмпамі з выкарыстаннем адміністрацыйных метадаў;

3) з 1929 г. − згортванне беларусiзацыi. Палітыка беларусізацыі праіснавала нядоўга і была спынена разам з адмовай ад НЭПа і зменай палітычнага курса партыі. Праз палiтыку беларусiзацыi аднаўлялася iдэя беларускага адраджэння, але яна не адпавядала ідэі бальшавікоў аб хуткай сусветнай рэвалюцыi, пры якой нацыi не павінны мець істотнага значэння. У канцы 1920-х г. у БССР пачалася кампанія па выкрыцці так званага нацыянал-дэмакратызму, пад якім разумелі варожую ідэалогію, накіраваную на рэстаўрацыю капіталізму ў БССР.

Нягледзячы на хуткае згортванне, беларусiзацыя заклала трывалыя асновы развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы, абудзіла да свядомага нацыянальнага жыцця шырокія слаі беларускага насельніцтва, садзейнічала развіццю беларускай культуры, стварэнню першай нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі.

 

ЛЁС ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ БССР У 20-30-я гг. ХХ ст.

Кастрычнік 1917 г. стаў пачаткам крыжовага шляху для Праваслаўнай Царквы, як і для іншых веравызнанняў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Савецкая дзяржава аб'явіла сваёй мэтай пабудову «справядлівага камуністычнага грамадства» без Бога. Пачалася карэнная ломка ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця і сістэмы каштоўнасцяў. Любая сістэма каштоўнасцяў абапіраецца на той ці іншы від веры. Вера можа быць не толькі релігійнай (вера ў Бога), як сцвярджае прафесар А.І. Осіпаў, але і безрэлігійнай (вера ў перамогу камунізму, у вечнасць матэрыі, у «геній» правадыра). Бальшавікі імкнуліся прышчапіць народу (што часткова ўдалося) новую форму рэлігіі без Бога. Камуністычная ідэалогія, матэрыялістычны светапогляд, вера ў беспамылковасць чарговага правадыра, у прымат матэрыяльнага над духоўным - усё гэта склала новую сістэму каштоўнасцяў [5, c. 47].

У савецкі перыяд ваяўнічы атэізм, як і падаўленне любога іншадумства, быў пакладзены ў аснову дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да вернікаў. Мэтанакіраваная дзяржаўная падтрымка атэістычнай прапаганды і забарона рэлігійнай прапаганды, закрыццё спецыялізаваных рэлігійных устаноў (Духоўных семінарый і акадэмій) мелі на мэце ізаляцыю Царквы, ператварэнне Яе ў «ціхую гавань для пенсіянераў» [1, c. 1]. Прынцып «держать и не пущать» пранізваў адносіны дзяржавы не толькі да Царквы, але і да культуры, навукі і наогул да ўсялякага творчага накірунку чалавечага жыцця. Жорсткія рэпрэсіі супраць духавенства і вернікаў, разбурэнне храмаў і манастыроў, адносіны да рэлігіі як да перажытку мінулага павінны былі вытравіць са свядомасці людзей самую думку пра Бога, памяць пра свае рэлігійныя традыцыі. Найбольшыя рэпрэсіі супраць Царквы разгарнуліся ў 20-30-я гг. ХХ ст.

Узаемаадносіны Праваслаўнай Царквы і новай палітычнай улады - Савета Народных Камісараў - рэгуляваліся «Дэкрэтам аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы і школы ад Царквы» ад 23 студзеня 1918 г. Вось некаторыя яго палажэнні: «1. Царква аддзяляецца ад дзяржавы… 5. Свабоднае выкананне рэлігійных абрадаў забяспечваецца настолькі, наколькі яны не парушаюць грамадскага парадку і не суправаджаюцца пасягненнямі на правы грамадзян Савецкай Рэспублікі. Мясцовыя ўлады маюць права прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння ў гэтых выпадках грамадскага парадку і бяспекі. 6. Ніхто не можа, спасылаючыся на свае рэлігійныя погляды, ухіляцца ад сваіх грамадзянскіх абавязкаў… 9. Школа аддзяляецца ад Царквы. Выкладанне рэлігійных веравучэнняў ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх, а таксама прыватных навучальных установах, дзе выкладаюцца агульнаадукацыйныя прадметы, не дапускаецца. Грамадзяне могуць вучыць і вучыцца рэлігіі прыватным чынам… 12. Ніякія царкоўныя і рэлігійныя абшчыны не маюць права мець уласнасць. Права юрыдычнай асобы яны не маюць…» [8, с. 113-114].

Гэты закон не проста аддзяляў Царкву ад дзяржавы і школы, як зараз, але рабіў вернікаў і духавенства людзьмі другога гатунка, падводзіў юрыдычную базу для будучых ганенняў. Напрыклад, пунктам пятым, у якім ішла гаворка пра «неабходныя меры», якія могуць прымяняць «мясцовыя ўлады», можна было апраўдаць любыя іх дзеянні. Словы гэтага самага пункта пра «свабоднае выкананне рэлігійных абрадаў» «настолькі, наколькі яны не парушаюць грамадскага парадку», практычна прыраўнівалі хрэсны ход і царкоўны звон да п'янай бойкі ці хуліганства. З пункту гледжання пешахода ці жадаючага даўжэй паспаць у нядзелю, хрэсны ход - ужо парушэнне грамадскага парадку. Пункт шосты не ўлічваў Кананічнае права Царквы, па якому святар не мае права ваяваць са зброяй у руках, што ў перыяд мабілізацыі магло расцэньвацца як ухіленне ад выканання грамадзянскага абавязку. Пазбаўленне Царквы права юрыдычнай асобы ўскладняла Яе дзейнасць, магчымасць абараняць свае правы, выдаваць рэлігійную і апалагетычную літаратуру.

Самыя гучныя сутыкненні савецкай улады з Царквой у 20-я гг. адбыліся падчас т.зв. кампаніі па «Канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў». Повадам для яе правядзення стаў голад у Паволжжы. Гэтая кампанія не была актам міласэрнасці ў адносінах да галадаючых - большасць сродкаў пайшла на яе падрыхтоўку і правядзенне і на падкормку камуністычных рухаў у Еўропе з надзеяй на будучую сусветную рэвалюцыю. Прапанова патрыярха Ціхана аб аказанні Царквой дапамогі галадаючым была адхілена. Голад цынічна быў выкарыстаны як повад для «Кампаніі». Вынікі экспрапрыяцыі ў БССР былі вельмі сціплымі. У 1922 г. з цэркваў, касцёлаў і сінагог у Маскву было вывезена больш за 65 пудоў серабра (для параўнання: у РСФСР сабралі каля 18 пудоў золата і 8199 пудоў серабра) [6, с. 278]. Такі адносна небагаты «ўлоў» тлумачыцца тым, што к таму часу царкоўная маёмасць ужо двойчы вывозілася з Беларусі: у пачатку Першай сусветнай вайны - у Расію і падчас польскай акупацыі - у Польшчу. У некаторых населеных пунктах пры канфіскацыях справа даходзіла да сутыкненняў людзей з уладамі. І ўсё ж гучных «расстрэльных» працэсаў, як у Петраградзе, па гэтай справе не назіралася. У 1924 г.у Мінску адбыўся судовы працэс над групай міран і духавенства на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам (Паеўскім). На запыт Мінска Масква не дала «дабро» на смяротны прыгавор, і ўсе падсудныя атрымалі ад аднаго да трох год умоўна.

На пачатку 20-х гг. паралельна з канфіскацыяй царкоўных каштоўнасцяў ішоў працэс па ўскрыццю мошчаў (рэліквій) святых. У Полацку тады былі ўскрыты мошчы святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, нябеснай апякункі Беларусі. Мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, а затым - у краязнаўчы музей Віцебска. Адбылося глумленне і над другой святыняй беларусаў - мошчамі віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, якія знаходзіліся на той час у Маскве [3, с. 182]. На змену «старым» святыням прыходзілі новыя «святыні». Замест царкоўных імён (часцей за ўсё грэчаскіх, лацінскіх, яўрэйскіх) сталі давацца новыя, савецкія: Уладзілен (у гонар Уладзіміра Леніна), Сталіна (у гонар Сталіна), Красарма (у гонар Чырвонай Арміі) і г.д. Для выхавання моладзі ў атэістычным духу былі створаны адпаведныя арганізацыі. Вось што гаварыў Яраслаўскі (М.І. Губельман) на адкрыцці ў 1925 г. з'езда карэспандэнтаў газеты «Бязбожнік»: «У нас у СССР 2 мільёны камсамольцаў і партыйцаў і 2 мільёны піянераў. Гэта першая бязбожная армія, якая прыцягне за сабой мільёны» [7, с. 48]. У 1926 г. на Беларусі стаў дзейнічаць Саюз Ваяўнічых Бязбожнікаў (СВБ БССР). У 1932 г. ён налічваў 217 тысяч чалавек, у тым ліку 102 тысячы піянераў і акцябрат [6, с. 286].

Для разлажэння Царквы знутры пры ўдзеле дзяржавы і непасрэдным кіраўніцтве ГПУ была створана т.зв. «Абнаўленчая Царква». Многія з яе кіраўнікоў з'яўляліся сакрэтнымі агентамі ГПУ, ім прадстаўляліся лепшыя храмы, адабраныя ў праваслаўных. У канцы 30-х гг. абнаўленцы, як адпрацаваны і непатрэбны матэрыял, былі перамолаты жорнамі рэпрэсій.

На пачатку 30-х гг. Савецкая дзяржава пачала новую кампанію па барацьбе з рэлігіяй. У сувязі з прыняццем другога пяцігадовага плана Саюз Ваяўнічых Бязбожнікаў абвясціў «бязбожную» пяцігодку. На 1932 г. планавалася закрыццё навучальных устаноў для падрыхтоўкі духавенства, на 1933 г. - ліквідацыя манастыроў і забарона рэлігійнай літаратуры, на 1934 г. - высылка духавенства, на 1935 г. - пераабсталяванне храмаў пад свецкія ўстановы, на 1936-1937 гг. - замацаванне дасягнутых поспехаў і святкаванне канчатковай перамогі атэізму [6, с. 297].

Аб выніках гэтай працы можна меркаваць па тым, што з 1445 цэркваў у Беларусі ў 1917 г. на 20 снежня 1937 г. засталіся дзеючымі толькі 74 [7, с. 50].

Рэпрэсіі абрынуліся на духавенства ў асноўным па двух накірунках: за неўплату падаткаў і за «контррэвалюцыйную» дзейнасць. У першым выпадку на людзей з гадавым даходам каля 700 рублёў накладваўся падатак 1000-2000 рублёў або - пры адсутнасці зямлі - абавязак нарыхтоўкі зерня, бульбы і лёну. Прыгаворы за «антысавецкую контррэвалюцыйную дзейнасць» выносіліся «тройкамі» НКУС і былі, як правіла, смяротнымі. Падсудных абвінавачвалі ва ўдзеле ў міфічнай «контррэвалюцыйнай» арганізацыі. Астатні пагром праваслаўнага духавенства на Беларусі адбыўся ў Мінску ў ноч на 29 ліпеня 1937 г. [2, с. 42]. Тады былі расстраляна апошнія з ацалелага духавенства на чале з епіскапам Бабруйскім Філарэтам (Раменскім) [4, с. 378]. На пачатак 40-х гг. ва Усходняй Беларусі былі гвалтоўна зачынены ўсе цэрквы. Працягвалі нелегальна дзейнічаць толькі дзве абшчыны: у Магілёве і Гомелі. Галоўнай стратай для Царквы сталі святары: каля 2000 духоўных асоб былі расстраляны або загінулі ў сталінскіх лагерах.

18.04.2010 свят. Аляксандар Велісейчык

 


Просмотров 536

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.su - 2024 год. Все права принадлежат их авторам!